ЦЭНТРАЛЬНААНДЫ́ЙСКАЕ НАГО́Р’Е,
найб. шырокая (да 750 м) частка Андаў паміж 15 і 28 паўд. ш. на тэр. Перу, Балівіі, Аргенціны і Чылі. Цэнтр. ч. займаюць унутр. пласкагор’е Пуна (выш. 3700—4100 м, з асобнымі хрыбтамі да 6000 м) і паніжаная раўніна Альтыплана. На У Пуна акаймавана Кардыльерай-Рэаль (выш. 6550 м), на З — Зах. Кардыльерай Андаў (г. Охас-дэль-Салада, 6885 м), у якой уздымаюцца сотні патухлых і дзеючых вулканаў.
Пласкагор’е складзена з палеазойскіх блокаў, перакрытых кайназойскімі вулканічнымі, алювіяльнымі і калювіяльнымі адкладамі. Радовішчы руд волава, вальфраму, сурмы, медзі, жалеза, вісмуту, серабра і інш. Клімат трапічны высакагорны, на ўсх. наветраных схілах вільготны (1000—3000 мм ападкаў за год), у Пуне і на З рэзка кантынентальны, засушлівы і сухі, месцамі менш за 200 мм за год. Сярэднія месячныя т-ры — 4—10 °. Моцныя вятры. Пуна — вобласць унутр. сцёку, пераважна ў азёры Тытыкака і Паапо. Рэкі невял., на З часовыя вадацёкі. Шмат буйных саланчакоў — салараў. На ўсх. схілах горна-трапічныя ўмерана вільготныя лясы. На Пн і ПнУ высакагорныя стэпы (кавыль, аўсяніца, вейнік, кактусы); развіта пашавая жывёлагадоўля, да выш. 4000 м пасевы збожжавых і бульбы. На З і Пд пустыні (тола) і паўпустыні. У паўн. ч. Пуны водзяцца дзікія віды лам гуанака і вігонь (вікунья), рэліктавы мядзведзь-акулярнік, азарава лісіца, шмат вадаплаўных птушак, грызуноў, у т. л. шыншыла.
Літ.:
Лукашова Е.Н. Южная Америка. М., 1958;
Галай И.П., Жучкевич В.А., Рылюк Г.Я. Физическая география материков и океанов. Мн., 1988.
М.В.Лаўрыновіч.
т. 17, с. 167
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)